“Жывая спадчына Беларусі” ў г.Масква

Удзел работнікаў сферы культуры ў міжнародных выстаўках, форумах, семінарах, фестывалях і іншых мерапрыемствах, гэта не толькі міжнародная дыскусійная пляцоўка, але і сродак рэалізацыі культурнай палітыкі Беларусі ў сферы міжнароднага супрацоўніцтва, актыўны ўдзел у якой вядуць і работнікі культуры Гродзенскай вобласці.

З 11 сакавіка ў гандлёва-выставачным цэнтры павільёна №18 “Рэспубліка Беларусь” ВДНХ (г. Масква) пачала працу гісторыка-этнаграфічная экспазіцыя “Жывая спадчына Беларусі”, створаная Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь сумесна з прадстаўнікамі абласных упраўленняў культуры Рэспублікі Беларусь.

Экспазіцыя раскрывае характэрныя асаблівасці традыцыйнай культуры ўсіх 6-ці беларускіх рэгіёнаў праз дэманстрацыю традыцыйнага народнага строю і народных промыслаў, якія з’яўляюцца сапраўдным нацыянальным здабыткам для беларусаў.
У экспазіцыі ад Гродзенскай вобласці прадстаўлены ткацтва i традыцыйныя строі Панямоння, адроджаныя супрацоўнікамі адзела рамёстваў i традыцыйнай культуры ДУ “Лiдскi раённы цэнтр культуры i народнай творчасці”. Сярод экспанатаў — элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскага і Астравецкага раёна, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны: сапоцкінская пісанка, і драўляныя музычныя інструменты народнага майстра Рэспублікі Беларусь Мар’яна Скрамблевіча, саламяныя вырабы Ірыны Шавельскай (аг.Гожа Гродзенскага раёна) і Алены Малышавай з Астравецкага раёна. На выстаўцы дэманструюцца і белаўзорыстыя ручнікі і гродзенскія велікодныя вербы з фондаў Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.

Дакрануцца да «Жывой спадчыны Беларусі», якая знаёміць наведвальнікаў з традыцыямі народнай культуры Беларусі, духоўным багаццем беларускага народа, можна да 4 чэрвеня 2023 г.

По информации grodno.1prof.by