Ваверскія школьнікі – пераможцы рэспубліканскага конкурсу

У Мінску адбылося ўрачыстае ўручэнне дыпломаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу сацыяльных маладзёжных праектаў «Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці». Адзначана была і работа адзінаццацікласнікаў Ваверскай сярэдняй школы Лідскага раёна. Праект “Арт-чэлендж 5 блогераў «Сям’я – адзінства намераў і спраў», які рабяты рэалізоўвалі пад кіраўніцтвам Святланы Іодка і куратарствам Марыны Ляскоўскай, стаў найлепшым у намінацыі «Інфармацыйная прастора аб Сям’і». Заслужаную ўзнагароду ўручалі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, старшыня Праўлення фонду падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў» Андрэй Зубенка.

Пра ўдзел ваверскіх школьнікаў у конкурсе сацыяльных маладзёжных праектаў журналісту “Лідскай газеты” расказала Святлана Іодка.

 За рэалізацыю праекта мы ўзяліся з мэтай папулярызацыі сямейных каштоўнасцей у сельскай мясцовасці, – кажа Святлана Тадэвушаўна.– У лістападзе 2022 года каманда адзінаццацікласнікаў прайшла анлайн-навучанне па праектнай дзейнасці. У ролі блогераў выступілі Аліцыя Сурконт, Ала Чабярук, Дар’я Шулейка, Вадзім Станкевіч, Павел Рудзевіч, Міхаіл Лескевіч. «Арт-чэлендж 5 блогераў «Сям’я – адзінства намераў і спраў» прадугледжваў удзел у ім не толькі старшакласнікаў, але і навучэнцаў 1-4 класаў і іх законных прадстаўнікоў.

–  Былі вызначаны пяць напрамкаў, па якіх будзе ажыццяўляцца работа над праектам. Гэта традыцыі сямейнага правядзення вольнага часу, традыцыі працоўнага выхавання, падтрымка каштоўнасцей свайго роду, сумесныя захапленні, гісторыя сям’і, – працягвае аповед Святлана Іодка. – Спраў было нямала. Так, напрыклад, каманда праекта арганізавала сямейнае свята «Я, ты, ён, яна – разам мы спартыўная сям’я». Весела правесці час, паўдзельнічаць у цікавых спаборніцтвах праявілі жаданне дзевяць сем’яў. Разам з дзецьмі бацькі сапернічалі ў спартыўнай эстафеце. Арганізавалі выставу фатаграфій пад назвай «Мая радасць». У аснову былі пакладзены вясельныя фатаграфіі бацькоў, якія прынеслі дзеці. Для выхавання паважлівых адносін да духоўнай, культурнай спадчыны беларускага народа 19 студзеня, у дзень свята Вадохрышча, прайшла сустрэча са святаром, айцом Леанідам «Добры дух сям’і». З мэтай фарміравання добрага стаўлення адзін да аднаго, жадання дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, знаёмства з храмам як духоўнай святыняй Айчыны навучэнцы наведалі храм вёскі Мыто.

Без увагі не засталіся шматдзетныя сем’і. Прайшла сустрэча з сям’ёй Ціховічаў. Таццяна Мікалаеўна і Генадзь Янавіч выхоўваюць пяць дзяцей. Іх сям’я з`яўляецца прыкладам для іншых.

Адным з яркіх мерапрыемстваў быў майстар-клас «Майстэрня сямейнага мастацтва». Майстар Тэрэса Ясюкайціс  абудзіла ў рабят цікавасць да творчасці, да старажытных народных звычаяў і абрадаў, расказала дзецям пра народныя рамёствы, паказала свае творы.

Сапраўдным святам для дзяцей і дарослых  стаў  сямейны арт-парад. Ён  сабраў 10 сем’яў нашага аграгарадка: Заброцкіх, Лапатаў, Маліноўскіх, Грыгор’евых, Маркевічаў, Ціховічаў, Козіных, Машкалаў, Крахмальчыкаў, Кастрыкіных. Мноства забаў, маляўнічыя фотазоны, конкурсы з падарункамі, займальныя гульні – усё гэта стварыла выдатны настрой і мора пазітыву.

Можна многа расказваць і пра мерапрыемства «3600 секунд», выставу «Рэцэпты маіх бабуль», рэкламную акцыю «Сямейнае канфеці», размову «Куфар сямейных захапленняў» і іншае. Галоўнае – усё гэта дало станоўчыя вынікі. Дзеці адчулі, якую важную ролю іграе сям’я ў жыцці чалавека, пашырыліся зносіны паміж сем’ямі і школай, па выніках праекта была створана інтэрактыўная платформа.

Адзінаццацікласнікі атрымалі добрую магчымасць рэалізаваць выдатныя ідэі і настолькі ўжыліся ў праект, што ён стаў часткай іх жыцця. Зараз яны ступаюць на самастойную дарогу, маючы не толькі трывалыя веды, але і выдатны багаж сямейных каштоўнасцей. У сваю чаргу, дзеці пачатковай школы пытаюцца, ці будзе працяг такіх цікавых мерапрыемстваў, а вучні сярэдніх класаў – ці можна будзе стаць удзельнікамі праекта ў наступным навучальным годзе.

Текст: Людмила Петрулевич

По информации lidanews.by