У філіяле “Дзітва” ААТ “Лідахлебапрадукт” яравая сяўба пачалася ўрачыста – з народнага абраду “Засеўкі”

Існуе павер’е: калі з любоўю пакласці зерне ў раллю, то колас вырасце вялікі і наліўны. Таму вельмі важна стварыць той асаблівы настрой, які будзе суправаджаць і дапамагаць земляробам у іх нялёгкай працы.

Як і ў іншых гаспадарках Лідчыны, у філіяле “Дзітва” ААТ “Лідахлебапрадукт” яравая сяўба пачалася ўрачыста – з народнага абраду “Засеўкі”. З пачаткам вясенне-палявых работ аграрыяў павіншаваў намеснік старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта Генадзь Уладыка.

Намеснік генеральнага дырэктара па сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ “Лідахлебапрадукт”, выконваючы абавязкі дырэктара філіяла “Дзітва” Руслан Роцька адзначыў, што сельгаспрадпрыемства да сяўбы падрыхтавана. Тэхніку адрамантавалі, насенне, у тым ліку элітнае, набылі, мінеральных угнаенняў дастаткова. Не хапае механізатараў, на сённяшні дзень маецца чатыры вакансіі.

Сёлета ў філіяле “Дзітва” пад яравую сяўбу запланавана звыш 2,5 тысячы гектараў, 805 з якіх – пад раннія збожжавыя і зернебабовыя культуры. Пад пшаніцу адведзена 520 гектараў, пад авёс, грэчку і люцэрну – па 100 гектараў, зернебабовых будзе пасеяна 160 гектараў, ячмяню – 25, аднагадовых траў – 403 гектары. Пад кукурузу запланавана 1115 гектараў, з іх 175 гектараў – на зерне.

У ліку механізатараў філіяла “Дзітва”, якія сёлета селі за руль трактара, Генрых Качалка. У гаспадарцы Генрых Іосіфавіч працуе 16 гадоў. Апошнія два гады запар аграрый займаў першае месца ў раёне на пасяўной кукурузы.

– Сёлета таксама буду заняты на пасяўной кукурузы, але пазней, калі пацяплее, – гаворыць Генрых Іосіфавіч. – А пакуль ару зямлю на трактары МТЗ-1221. Канешне, мы з калегамі спадзяёмся, што надвор’е будзе спрыяць добраму ўраджаю, але, у сваю чаргу, таксама прыкладзем максімум намаганняў, каб каравай Лідчыны атрымаўся самым пышным. Тым больш што палявыя работы — гэта выдатная магчымасць папрацаваць на карысць дзяржаве і зарабіць грошай для сям’і.

Аздобіла мерапрыемства выступленне артыстаў Дзітвянскага Дома культуры ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці». Хлебаробы атрымалі благаслаўленне ад настаяцеля храма Абраза Божай Маці “Спагнанне загінулых” протаіерэя Сергія Андрухаўца і настаяцеля Крупаўскага касцёла ксяндза Віктара Савіцкага і выехалі ў поле.

По информации lidanews.by