«Дзякуй за працу!» Каля 80 жывёлаводаў Лідчыны будуць адзначаны прафсаюзамі да 1 красавіка

На Лідчыне падыходзіць да завяршэння рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод», галоўная мэта якой – заахвочванне лепшых работнікаў жывёлагадоўчай галіны і стварэнне належных бытавых умоў на працоўных месцах.

У гэтыя вясновыя дні сакавіка віншаванні прымалі працаўнікі КСУП «Ёдкі-Агра». Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Марсаў падзякаваў ім за працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і ўручыў грашовыя прэміі.
Аператару машыннага даення МТК «Ёдкі» Тэрэсе Шаўчэнка і жывёлаводу Мікалаю Артамонаву было асабліва прыемна. Каму, як не ім, вядома, што дасягненні высокіх паказчыкаў у галіне жывёлагадоўлі залежаць менавіта ад чалавека, які аддае працы час, уменні, вопыт і, вядома, любіць сваю справу? Аляксандр Марсаў, старшыня прафсаюзнага камітэта гаспадаркі Ірына Анацка пажадалі перадавікам малочнай вытворчасці здароўя і дабрабыту, не спыняцца на дасягнутым, заўсёды і ва ўсім быць наперадзе.
– Для кожнага чалавека не сакрэт, што багаты асартымент малочных прадуктаў у крамах даступны нам дзякуючы нястомнай працы жывёлаводаў, якія не ведаюць выхадных, – віншуючы герояў дня, адзначыў Аляксандр Марсаў. – За гэта нізкі вам паклон і хай здароўе не падводзіць, планы ажыццяўляюцца, а мары спраўджваюцца. Дзякуй за вашу працу!
Акрамя прыемных момантаў, падчас правядзення акцыі прадстаўнікамі прафсаюзнага руху раёна вывучаюцца сацыяльна-бытавыя ўмовы на фермах і комплексах, стварэнне кіраўнікамі бяспечных умоў працы для людзей, забеспячэнне персаналу спецыяльнай вопраткай. Таксама падчас сустрэч з калектывамі разглядаюцца ўсе звароты членаў прафсаюза па розных пытаннях.
Дарэчы, акцыя “Наш жывёлавод” прадоўжыцца на Лідчыне да 1 красавіка. Падчас яе ўжо ўзнагароджаны 37 перадавікоў жывёлагадоўчай галіны ў чатырох гаспадарках раёна. Яшчэ каля 40 лепшых спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў будуць прымаць віншаванні ў найбліжэйшы час.

Вольга АНТОНАВА, “Лідская газета”

НА ЗДЫМКУ: аператар машыннага даення МТК «Ёдкі» Тэрэса Шаўчэнка аддала прафесіі многія гады.